ІНТЭГРА́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

сукупнасць працэсаў, якія забяспечваюць збліжэнне разнастайных элементаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, у сац. супольнасць, сістэму, цэлае; формы падтрымання сац. групамі пэўнай устойлівасці і раўнавагі грамадскіх адносін; здольнасць сац. сістэмы або яе частак да самазахавання шляхам пераадолення ўнутр. і знешніх супярэчнасцей, напружанняў і інш. Агульнапрынятай канцэпцыі і адзінага універсальнага паняцця І.с. пакуль што не выпрацавана. Як праблема агульнай тэорыі сацыякульт. сістэм займае важнае месца ў зах. сацыялогіі з 1950-х г. Э.​Дзюркгейм, М.​Вебер, В.​Парэта інтэграцыю сац. сістэмы разглядалі ў сувязі з існаваннем агульных для яе членаў каштоўнасцей і норм. Уяўленні аб поўнай інтэграцыі грамадства развівалі прадстаўнікі функцыяналісцкай антрапалогіі (Б.​Маліноўскі, А.​Р.​Радкліф-Браўн і інш.). Т.​Парсанс увёў паняцці нарматыўнай і каштоўнаснай І.с. і разглядаў яе функцыі ў сац. сістэме. Тэарэтыкі нефункцыялісцкіх кірункаў (Р.​Бендыкс, А.​Гоўлднер) сцвярджалі, што на практыцы высокі ўзровень інтэграцыі недасяжны і нават шкодны, бо пазбаўляе сац. сістэму гнуткасці і рухомасці. У адпаведнасці з прынятым у амер. сацыялогіі падзелам грамадскай сістэмы на культ. і сац. падсістэмы адрозніваюць 4 тыпы І.с.: культурную, нарматыўную, камунікатыўную і функцыянальную.

т. 7, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)